Верш V. Сьляпыя магілы (Курапаты) (З цыклю Менскія санэты)
Насеньне лепшае з жыцьцёвай сьветлай нівы
Сабранае ў жарон Малоху… Пыл пэрлін,
Узятых з мора ўцех і працы, – ў змрок рыцьвін
Прасыпаны на жвір вільготны і маўклівы.
Заслону забыцьця прадуць гады рупліва…
Як войска ўсталі тут сто тысячаў хваін,
Бы варта цішыні, што грэбнем вершалін
Шумлівыя вятры сутрымвае за грывы.
Тут іншаземцы сьлёз ня могуць прыхаваць…
І вы, гаспадары, паплачце, ці ж вам сьцерці
З прасьцягу памяці разоры столькіх сьмерцяў?
Паплачце, бо інакш драўлянай варты раць
У горад рушыць, каб ваш сон патурбаваць,
Павекі, што ў крыві запекліся, разьдзерці.
3.02.02