Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Фабрыка ананімных сьлёзаголікаў

І зноў па выніках году
самых высокіх паказьнікаў
дасягнула фабрыка сьлёз.

Пакуль міністэрства транспарту таптала абцасы,
пакуль міністэрства сардэчных справаў
білася ў істэрыцы,
фабрыка сьлёз працавала па начах,
нават па сьвятах ставіла рэкорды вытворчасьці.

У час, калі станцыя па апрацоўцы ежы
перажоўвала чарговую катастрофу,
фабрыка сьлёз перайшла на эканамічна рэнтабэльную
пераапрацоўку адыходаў мінулага –
галоўным чынам, асабістых успамінаў.

Фотаздымкі работнікаў году
ўрачыста разьмясьцілі на сьцяне плачу.

Я – інвалід працы фабрыкі-героя сьлёз,
у мяне на вачах мазалі,
у мяне пералом шчок.
мне плацяць заробак прадукцыяй, якую я вырабляю.
і я шчасьлівая тым, што маю.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Фабрыка ананімных сьлёзаголікаў - Вальжына Морт