Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Старэе ўсё ў жыцьці імклівым

Старэе ўсё ў жыцьці імклівым
І непазьбежна адыходзіць…
Мяняюцца ляндшафт і клімат,
Віруюць перамены ў модзе.
Дапытлівасьць рашучым чынам
Шлях у нязьведанае торыць.
Хто ўспомніць дымную лучыну,
Калі сядзіць прад маніторам?
Даўно ўжо гонка пачалася,
Каб паскарацца год ад году.
I мы гучым у новым часе
Гудком забытым параходу.
Ды прабіваецца праз вусьціш
Жывое пачуцьцё бяз стомы.
З дрыготкіх, неспатольных вуснаў
Зноў вечнасьць чуе шэпт знаёмы.
“Кахаю…” – як вянок надзеі,
“Кахаю…” – як быцьця аснова.
Ня старыцца, а маладзее
Адно –
для ўсіх сьвятое –
Слова.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Старэе ўсё ў жыцьці імклівым - Сяргей Законнікаў