Верш Маё прозвішча ШАКОЛА
Ёсць на свеце прозвішчы ўсялякія.
Адны – вядомыя, другія – не зусім.
Адны пачуўшы, рэагуем абыякава,
А нейкія душу трывожаць нам усім.
Ну вось.
Давайце возьмем прозвішча “Шакола”,
Якіх эмоцый вам яно дадасць?
Без нейкіх тлумачэнняў,
Проста за “Шаколу”,
Ніхто й граша ламанага не дасць.
Хутчэй за ўсё,
Слізнеш, спадар, ты вокам –
А праз хвіліну і не ўспомніш аніяк,
Хоць прачытай яго з другога боку,
Ці выварочвай слова так і сяк.
А вось, калі дабавім імя ПЁТРА,
Ды скажам: “гэта Валяр’янаў сын”,
Тады – другая справа, так, з налёта
Мянушку не адкінеш ты зусім.
І нехта ўспомніць: – Знаю чалавека,
Бацькі яго з Лагойшчыны былі,
Памёрлі ўжо, былі у сталым веку,
Прыстойна працавалі і жылі.
А Пётр Валяр’янавіч Шакола…
Дык ён – настаўнік і крыху паэт,
І шмат гадоў вучыў дзяцей у сельскай школе,
Дапамагаў асэнсаваць ім навакольны свет.
За гэтым пойдзе: колькі год жыве на свеце,
Дзе сёстры пражываюць, дзе браты.
Што робяць, дзе жывуць, якія дзеці.
Ці ёсць сабакі дома і каты.
Што есць і п’е, у чым адзеты.
Ці ёсць машына, як абстаўлен дом.
Якія курыць (ці не курыць) цыгарэты.
Ці быў калі асуджаны судом…
І так далей, і можна да бясконца
Партрэт той шчыра маляваць,
Ласкаць яго ў праменях сонца,
І чорнай фарбы дабаўляць.
Ды не партрэт, а цэлую карціну
Напішуць людзі ўсёй гурмой.
А ты – глядзі на гэтую прасціну
І заставайся сам сабой.
А сам, я сам, ну як сябе сам бачу?
Што прозвішча маё мне, што – імя?
Адзін ў Ашмянах я – такая вось задача –
Шаколаў нават у раёне больш няма!
Таму павінен быць я чалавекам
І роўна па шляху свайму ісці.
Убок ступі – чакае небяспека
З накатанай дыстанцыі сысці…
Імя тваё – то ёсць вялікі гонар,
Нясі яго з паднятай галавой.
Яно з табой, ад нараджэння і да скона,
Яно ў журбе і ў радасці – з табой!
У прозвішчы тваім гавораць гены продкаў:
Ты, як бы, прашчур сам і сам – сваё дзіця.
У кожным прозвішчы адзначаных угодкаў
Намнога больш, чым дзён твайго жыцця.
За кожным прозвішчам хаваецца эпоха.
Тут трэба толькі ў корань зазірнуць,-
І ўбачыш ты: усё ідзе ад Бога,
І што прайшло, таго нам не вярнуць!
Чаго, брат, не было у кожным радаводзе:
І добрых спраў, і нават чорных дзён.
Усё там ёсць, што трэба па прыродзе,
Ты – лепшае цані, яму кладзі паклон.
Шануй свой род, сваіх далёкіх продкаў,
І тых, хто быў, і ёсць, і будзе жыць яшчэ.
А ў свята не забудзь падняць кілішак водкі
За іх усіх, з каго тваё жыццё цячэ.
Вось так, сябры. Хай людзі ўсе наўкола
Цераз вякі, свой – кожны, ухваляюць род.
А зараз – налівайце, вып’ем за ШАКОЛАЎ,
Няхай жывуць на гэтым свеце мно-о-га год!