Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вар’ят і вайна Паводле нямецкай народнай народнай казкі

З травінкай любой размаўляў ён без слоў,
Блукаючы ў джунглях аеру.
Віталі вар’ята кіўкамі галоў
Гарлачыкі ў белых самбрэра.

А полем узбоч без дарогі ішлі
У касках гарбатых салдаты.
І следам за імі – да сонца з зямлі –
Узносіўся пыл ружаваты.

Наўсцяж прасавалі яны збажыну –
Пад ботамі гнулася сцежка.
– Куды вы? –
Спытаўся вар’ят.
– На вайну!
Хіба ты не бачыш даўбешка?!

Галодны крумкач на высокай сасне,
За войскам, цікуючы, кракаў…
– А што вам салдаты, рабіць на вайне? –
Вар’ят непакоіў ваякаў.

Тапырачыся, нібы напаказ,
Штыкі палымнелі пад сонцам.
– Паліць!..
– І расстрэльваць!..
– І нішчыць!.. –
Адказ
Каціўся над строем бясконцым.

– Навошта? –
Не здолеўшы ўцяміць, відаць,
Ускрыкнуў вар’ят анямела.
– Каб зноў нараджаць!
– Каб зноў будаваць! –
Вясёлае войска грымела.

Гула ад абцасаў зямля, нібы звон,
Губляючы водгулле ў жыце.
І кінуў ваякам вар’ят наўздагон:
– Дык хто з нас вар’ят адкажыце?

“Акно” (1965-1967)

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Вар’ят і вайна Паводле нямецкай народнай народнай казкі - Пятрусь Макаль