Верш Зварот музыканта
Прыйшоў салдат ў свае Падліпкі,
Ў дом на ўскраіне сяла.
Ён моўчкі зняў са сценкі скрыпку,
I песня ў свет за ім пайшла.
З-пад пальцаў рук яго шурпатых
Ўставаў малюнак не адзін:
То паднімаліся Карпаты,
То мчаў Дунай удалячынь.
То чэзлі ў дыме бітвы каскі, і
То сонцам слаўся краявід,
То бегла дзеўчынка па краскі,
То маці плакала наўзрыд.
Прыйшлі к яму суседзі з хатаў
Ды пачалі яго пытаць:
– Скажы, ў якіх майстроў выдатных
Ты навучыўся так іграць?
Салдат зайграў адменным складам,
Аж завіхнуўся смык-пяюн,
Ён адказаў сваім паглядам,
Душою скрыпкі, звонам струн.
– Мяне майстэрству навучылі
Шляхі паходаў франтавых;
Я чуў, як ветры галасілі
Над сном таварышаў маіх.
Падслухаў гоман я нязвычны,
Што плыў дарогамі вайны,
Я чуў, як граў струмень крынічны
Ў салдацкіх кубках бляшаных.
Я чуў – ад ран бары гудзелі,
Падгледзеў ў час начных гадзін,
Як слёзы месяца віселі
На голлі сосен і ялін.
Я чуў, як свет ад шчасця плакаў,
Калі пабачыў вольны сцяг,
Я чуў, як воіну падзяку
Шаптала поле ў каласах.
Я чуў, як птушкі нас віталі
I ясны ўсход, пражыўшы ноч. –
Замоўклі струны.
Ўсе маўчалі.
А ў музыканта слёзы з воч.