Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мае настаўнікі

З пажоўклых пергаментаў,
З прапыленых фаліянтаў,
З усіх шчылін мінулых стагоддзяў
Вылазяць галовы
Мудрых разбойнікаў,
Кволых філосафаў,
Фанатыкаў і прарокаў,
І кожны
Дагматычным пальцам
Тыкае ў маё набалелае сэрца:
Я твой настаўнік.

Каб я паслухаў адных –
Мне патрэбна было б знішчыць
Палову чалавецтва.
Каб я паслухаў іншых –
Знішчыў бы другую палову.
I на кожнай вярсце
Нечуванай адлегласці
(Ад каменных дзідаў
да атамных шахтаў)
Пакінулі знакі свае
Прагнасць, злаба, і нянавісць.
Для мяне непрымальна
Ніводная форма прыгнечання,
I я ненавіджу
Чырвонае вока вайны.
Мне хочацца бачыць зямлю
З’яднанаю працай і дружбай,
Любоўю і сонцам,
I песняй “З Інтэрнацыяналам…”.
Таму я і выбраў сабе у настаўнікі
Леніна,
Праўду
I родны народ:
Ім толькі і можна даверыць
Зямлю,
Рэвалюцыю
I дзяцей.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Мае настаўнікі - Пiмен Панчанка