Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Касманаўт заўжды пасля палёту

Касманаўт заўжды пасля палёту
Прывыкае да зямлі ізноў.
Думаю пра гэта я з палёгкай:
Мы ўвесь час вяртаемся дамоў.

Век мой, я прашу ў цябе не многа:
Без расчараванняў – абнадзей,
Прывучы да шуму гарадскога,
Да касмічнай хуткасці падзей,

Да заводаў нафтаперагонных
Каля нашых рэчак і балот,
Да таемных цудаў электронных,
Да трывог дзяржаўных і турбот.

Прывучы да новых нашых вёсак,
Да рыкання вечнага дарог;
Да таго, што мне ўжо нельга босым
Выбегчы на росы за парог;

I да звычак моладзі нязвычных,
Дзе крыклівых песень цераз край;
Да зямнога новага аблічча
Прывучай, штодзённа прывучай…

Толькі не прывыкнуць мне ніколі
Да цябе, вясновы крыгаход,
Да цвіцення яблынь і таполяў,
Што цвітуць іначай кожны год.

Я сам-насам зноў з вясной пабуду,
У здзіўленні новым памаўчу.
Да зямных, знаёмых змалку цудаў
Прывыкаць не ўмею, не хачу.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Касманаўт заўжды пасля палёту - Пiмен Панчанка