Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Асцерагайцеся падробкі

Я помню з сінькаю каробку
Ў кааперацыі старой.
“Асцерагайцеся падробкі” –
Было напісана на ёй…

Языкачосаў безадказных
Было у нас калісьці шмат.
Для іх усё бывала ясна
Паводле догмаў і цытат.

Я помню вас, сухіх і хмурных,
З мясцінаў розных і гадоў,
Многаступеньчатыя дурні
I дэмагогі ўсіх сартоў.

Было адно зярнятка праўды
На сноп развесістай хлусні.
Абы плацілі грошы спраўна –
Не шкадавалі траскатні.

А сёння, сёння памаўчыце, –
Нам трэба жыць і працаваць.
“Ура” так гучна не крычыце,
Калі кладуцца дзеці спаць.

У час жыццёвай пераробкі
I ўзлёту
Змоўкніце зусім.
Асцерагайцеся падробкі
I верце партыі, не ім…

Адкінем прэч мы слоўны грукат.
Цяпер – аб музыцы, ігры.
Люблю вас, чарадзеі гукаў, –
Рахманінаў, Шапэн і Грыг!

Ды часта мы ў далоні плешчам
Не тым, не тым…
Кантата. Хор.
Палёт высокі быў абвешчан,
А слухачоў бяруць на змор.

Пісаў паэт з вядомым імем,
I праўда быццам, а схлусіў…
З нас кожны песню аб Радзіме
Ў душы пад кулямі насіў.

Ірве мелодыю на часткі
Клыкамі белымі раяль.
I сум, як шэры дождж, зашастаў,
I падрабнела раптам даль.

О кампазітарская копаць.
Пустой рыторыкі настой!
Тых пышных слоў і гукаў хопіць
Халтуршчыкам гадоў на сто.

Хай лепей вальс гучыць “На сопках…”,
Там ёсць жывое пачуццё.
Асцерагайцеся падробкі
Ва ўсім, усюды, ўсё жыццё.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Асцерагайцеся падробкі - Пiмен Панчанка