Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Рудавалосая канца дзевяностых

Сёння ля Камароўскага рынка
я ўбачыў дзяўчыну
з агніста-рудымі валасамі.
яна нагадала мне
другую рудавалосую дзеўчыну
што калісьці хадзіла
ў адзіны са мною кляс.

Яна перайшла туды
з іншага кляса
дзе яе прыгняталі.

Аднак яе прыгняталі і ў нашым
і ў нашым клясе…

Гэта было ў канцы дзевяностых.
у падлеткавым асяроддзі
тады мода была на бандытаў
і можна было спаткаць школьніка
з турэмнымі татуіроўкамі
на фалангах пальцаў.

Я таксама
маляваў на руках
блатную брыдоту.

Многія школьнікі
нюхалі клей
падчас заняткаў
уцякалі ў дзіцсад насупраць
і схаваўшыся ў верандах
дзялілі змесціва цюбіка
пароўну.

Калі падчас перапынку
мы прыходзілі туды папаліць
яны нас
не пазнавалі…

Гэта было ў канцы дзевяностых.
гэта быў час
калі адмысловай павагай
сярод малалетніх прыдуркаў
карысталіся наркаманы.

Я памятаю як мы вярталіся з школы
з аднакляснікам Ромай
нас абагнаў хударлявы высокі хлопец
гадоў дзевятнаццаці-дваццаці
ў чорнай скураной куртцы
і Рома панізіўшы голас
сказаў мне: гэта Мышка.
я паглядзеў на сухую постаць
ў чорных джынсах і чорнай куртцы
і адчуў што ад Мышкі
які як было мне вядома
быў наркаманам і ворам
вее нейкай халоднай сілай
нейкай амаль што няўлоўнай уладай
і ў мяне павольна
пранікала зайздрасць…

Яшчэ тады панаваў
адзін метад расправы:
калі кагосьці хацелі зняважыць
валаклі яго ў прыбіральню
білі
затым палівалі мачой
на адзенне і проста
ў твар…

Я быў выдатнікам
і на дошцы пашаны
вісела мая фатаграфія
а такіх у нас не любілі
таму я спраўна насіў
школьным аўтарытэтам грошы
якія выпрошваў у бацькоў на ласункі
бо баяўся таго што мяне абасцуць у сарціры.

Гэта было ў канцы дзевяностых.
рудавалосая Таня
перш чым выскачыць з акна
ўласнага пакойчыка
пакінула на стале аркуш з запісам:

НЕНАВІДЖУ СЯБЕ
НЕНАВІДЖУ БАЦЬКОЎ
НЕНАВІДЖУ ЎСІХ

За некалькі гадзін да таго
ёй абплявалі сьпіну
і памачыліся нішкам на куртку
якая вісела на кручку
ў гардэробе
ў школе…

Цяпер калі я прыязджаю
ў той правінцыйны горад
дзе мінула маё дзяцінства
і ля якога-небудзь гастранома
сустракаю былых
школьных аўтарытэтаў
з бруднымі цёмнымі тварамі
з рукамі што разбітыя
да крыві і калоцяцца
мне ўзгадваюцца словы адной жанчыны
якая неяк падчас размовы
з маёй мамай сказала:
– мой муж круты.
мама яе спытала:
– што значыць – круты?
і яна адказала з гонарам:
– ЁН АДСЯДЗЕЎ НА ЗОНЕ
АДЗІНАЦЦАЦЬ ГАДОЎ.

Гэта было ў канцы дзевяностых.
рудавалосая Таня
як пазней высвятлілася
пакутавала нейкай лёгкай
формай шызафрэніі
таму распачатае было следства
спынілі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Рудавалосая канца дзевяностых - Цімур Хоміч
 »