Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Перад Часам, нібы перад Богам

Перад Часам, нібы перад Богам,
Спавядаўся ва ўсім і ні ў чым.
Перад Ра, Кукульканам, Сварогам –
Перад боствам сваім і чужым.

Перад Богам, нібы перад Часам,
Спавядаўся за боль ад хлусні.
Перад ідалам і перад абразам –
Перад Небам на голай Зямлі.

Перад Верай, Надзеяй, Любоўю
Спавядаўся, не верачы сам.
Перад краем нямым у бязмоў’ю,
Перад мовай без краю, як храм.

Перад Часам, нібы перад Богам,
Перад Богам, не верачы сам…
Спавядаўся за край без дарогі,
Над якою цень твой пралятаў…


Верш Перад Часам, нібы перад Богам - Павел Гаспадыніч