Верш На сцэне i ў залі
Над прасторам і зацішшам,
У дзікім гневе навальніц,
“Бронепоезд” даль калыша,
Мчыцца ў будучыні дні.
Надрывае бурай грудзі,
Водгук коціцца ў прасцяг.
I ў душы рабочых будзіць
Песні новага жыцця.
Я ўглядаюся далёка
У жыццерадаснасць і шыр,
Толькі чую, як глыбока
Нехта лаецца ў душы:
“Што-б вам так, а што-б вам гэтак,
Дайце-ж жыць хоць за патэнт…
…Не даюць пабачыць свету,
Кажуць – “Вредный элемент”.
А прад дамаю ў шаўёне
Вобраз “прошлага” ізноў.
Думкі чорныя наводзіць
За “Коварство и любовь”:
“Ці развеяць успаміны
Па-над бурамі ў жыцці?
Ці пякучым какаінам
Душу й сэрца атруціць?”
Вось мяшчаначка з біноклем
Углядаецца наўскос…
Вочы ўпалыя прамоклі
Ад балючасці і слёз.
Грудзі сціснуліся жалем,
Галаву спавіў туман.
Нібы лебедзі на хвалях,
Думкі мкнуць “За океан”.
Толькі тоўсты не ў гуморы…
Бляск вачэй яго пагас.
Сёння бачыць ў “Ревизоре”
Сам сябе ў апошні раз.
Я гляджу – і ў аксаміце,
Бачу, нехта спахмурнеў.
“Штилем” крозы апавіты,
Прад вачамі страх і гнеў.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Я над цеменню й зацішшам.
Па-над кручамі, як гром,
Хвалі гнеўныя калыша,
Б’ецца ў грознасці “Разлом”.
А “Разлом” і пры ўваходзе…
Говар, смех, парывы дум…
I ў няспынным карагодзе
Людзі йдуць, ідуць, ідуць.
То-ж рабочыя з заводаў –
Дзеці сталі і машын.
Яны ў водблісках свабоды
Будаваць прышлі і жыць.
Чуць, як б’ецца буравеснік,
“Бронепоезд” мчыцца ўдаль,
I плывуць далёка песні,
Песні, звонкія, як сталь.