Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Рокеры

Дзе тут цягацца з імі цыганцы!
Ажно калоціцца сцэна шырокая.
Перахліснуліся
песні і танцы.
Юны запал узрываецца…
Рокеры!
Рокеры,
выйшлі з падполля цяпер вы
(згінь, кансерватар!
Кры-ывіцца ён яшчэ…).
Гэта ж такое свята для нерваў,
гэта такое жывое відовішча!
Рыцары вы маладыя
без страху –
хтосьці пужлівы, пачуўшы,
аж стуліцца…
Добра,
што з гэткім вялікім размахам
вы супраць нечага ўсё ж пратэстуеце.
Вашых паклоннікаў –
цэлая плойма:
“Не завалялася лішніх білецікаў?”
…Можа б, вы толькі
спявалі па-свойму –
вам бы айчынных паболей сюжэцікаў!
Штосьці б даўжэй у душы затрымалася,
думка каб ззяла пад шумнаю шапкаю.
Болей бы сэнсу!
Каб не здавалася:
нехта бразгоча пустою бляшанкаю…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Рокеры - Мар'ян Дукса