Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Землякам

Землякам

Ад майскіх дзён да восеньскіх дрыготкіх
Рупліва працавалі на зямлі.
І летні дзень здаваўся вам кароткім,
Ракою вечнай клопаты плылі.

Ды першы снег прынёс вам адпачынак,
Палёгку спрацаваным даў рукам.
У працы хоць маленькі перапынак
Зіма зноў клапатліва дорыць вам.

Бо хутка зноў заззяе ярка сонца
І пабягуць да рэчак ручайкі,
І будзе віцца нітка спраў бясконца,
Якія вас чакаюць, землякі.

Жыве хай радасць, і не толькі ў марах,
Святло надзеі хай гарыць ярчэй.
Хачу ўсмешкі бачыць я на тварах
І позірк зацікаўленых вачэй.

Няхай жаўрук спявае ў блакіце,
Каб за вадой нягоды ўсе сплылі.
Няхай растуць валошкі ў спелым жыце–
На песеннай хатыніцкай зямлі.

Нам не спыніць ракі жыцця вірлівай,
Ды ёсць і ў ёй спакою астраўкі.
Жадаю долі лепшай і шчаслівай,
Дабра жадаю вам я–землякі.

1998 г.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Землякам - Ніна Кавальчук