Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Сямейны эгаізм

Сямейны эгаізм

Не марыла жанчына пра багацце,
А лад вяла сярод таго, што мела,
І верыла: галоўнае ў хаце
Любоў і згода, мір душы і цела.

Старалася не траціць часу марна
Яна й тады, калі была нядужай,
І служкаю зрабілася звычайнай
На пабягушках у дзяцей і мужа.

Была вясёлай, гаварлівай, шумнай,
Зрабілася нячутнай шэрай мышкай.
І паўсядзённай мітусні той тлумнай,
І злых папрокаў ёй хапіла з лішкам.

Патухла радасць у вачах жанчыны,
Ды гэтага ў сям’і не заўважаюць,
Няма жадання адшукаць прычыны,
Паслуг жа болей ад яе чакаюць.

Няма ім справы, што ў яе на сэрцы,
Самім жа ім і хораша, і ўтульна.
Іх эгаізм развіўся ў поўнай мерцы-
Не чутна слоў: каханая, матуля.

Не марыла жанчына пра багацце,
А пра пяшчоту марыла, спагаду.
Сабе самой чужою стала ў хаце,
Сама з сабою не знаходзіць ладу.

2001г.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Сямейны эгаізм - Ніна Кавальчук