Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Цётка Піўнушка

Цётка Піўнушка, цётка Піўнушка…
Горкі падтэкст мае гэта мянушка.
Бо Вольга Васільеўна адгаравала.
Гарэлкі ж ніколі ўсмак не каштавала.

Піла толькі шчодра сірочыя слёзы.
З сястрой засталіся адны – дзьве бярозы.
Бо нямецкая лютая, чорная сіла
Ўсю Вятчын маю й Дзякавічы – асіраціла.

А цётку празвалі ўсе гэтак за хату.
Да іх на вячоркі, нібыта на свята,
Збіралася ўся спрацаваная вёска.
Семяненчыхі песня лілася тут дзёрзка.

Падпявалі ёй дружна і Рая, і Жэня…
І ночы ляцелі, як рогі аленя.
І годы ішлі ў трывозе і мужна-
Чужога сынка ўзгадавала Піўнушка.

Цётка Піўнушка, руплівіца ў хаце,
І мне вы былі, быццам родная маці.
Аўтобус ледзь спыніцца тут на хвілінку –
А вы ўжо стаіце адна на прыпынку.

– Адкуль, цётка, ведалі, што я прыеду?
– Ніначка, сэрца мне кажа пра гэта.
(Ах, цётачка, вы ж, як матулін цень,
На гэтым прыпынку амаль як штодзень).

І у Мазыр усёй вуліцай-сходам
Цёткі мяне праважалі заўсёды.
Дзе ж я цяпер там пераначую?
Піўнушчына хатка-сіротка пустуе…

На каленях і ў хаце, і ў белым касцёле
Я малюся за рай для душы цёткі Волі.
Толькі сэрцам усім адчуваю і знаю:
Побач з Богам самім яна зараз у раю.

1997

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Цётка Піўнушка - Ніна Аксёнчык