Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Беларускі Шлях

Расены, Ліцьвіны, цяпер – Беларусы.
Гэта мы – старажытны славянскі народ-
Да сонца нясём залатыя абрусы
Святла нашых душ,
Каб уславіць свой Род.
Бо шлях наш зямны-
Шлях Хрыста палыновы…
У нетрах зямлі скамянелая кроў
Нашых прашчураў гордых, як кліч Перуновы,
Пагоняй злучае ў вяках ваяроў.
Каб помнілі, зналі, што мы з тых Венедаў,
Хто гліну зямлі прасвятліў у багоў.
На сотні гадоў заастральныя веды
Пакінуў у міфах, у нерушы слоў.
Зямною калыскай каб стаць для Славянаў.
Даць іхнім мовам гаючую кроў.
“Словам…” узвысіць нашчадкаў адданых-
Каб “Псалтырам” азвалася тая любоў.
Каб бачылі ўсе, як паэзіяй боскай
Рабілася ўсё у мазольных руках:
Ад ткацтва ахвярнай пакутніцы – вёскі
Да ікон багамаза ў халодных мурах.
Іду па Шляху тым, нібы па Эдэму,
Сярод міліёнаў нябачных майстроў-
І чую іх душаў высокіх паэмы.
І грэюся ля ачышчальных кастроў.
І сэрцам малюсь, каб мае Беларусы
Ажывілі той велічны праведны Шлях.
Каб не слязамі гарачымі ў скрусе-
А гімнамі ўславілі новы прасцяг.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Беларускі Шлях - Ніна Аксёнчык