Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Лёс і песьня

Я аглядаў чужыя гарады,
Не нашы помнікі не нашай славы –
I быў ад крыўды зрок сьлязой засланы,
I біў у скроні думкі ток круты:

Нелітасьцівы быў наш лёс, браты:
Красу, што продкі зь любасьцю стваралі,
Чужынцы зь лютасьцю агнём сьціралі,
Каб не ўцалелі нават і сьляды.

Але сьціхаў няўчуты крык бяды –
I паўставала зь небыцьця нанова
Краса ў абліччы каменя і слова,
Каб зноў зрабіцца прахам праз гады.

I зноў кляліся прадзеды-дзяды:
“Сто раз памром, а не пакінем верыць
У нашу заўтрашнюю славу-веліч,
У нашы заўтрашнія гарады!..”

I зноў нам сьвеціць ранак малады,
Свой новы лёс народ упарта творыць.
Адкуль жа ў песьні праступае горыч?
З глыбінь вякоў… Там – бездань гаркаты.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Лёс і песьня - Ніл Гілевіч