Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Да 75-годзьдзя растрэлу юдэеў на Будакашалёўшчыне

Да 75-годзьдзя растрэлу юдэеў
на Будакашалёўшчыне.

Сьцюдзённы вецер дзьмуў з Брылёва,
Ды рады гэткай не мог даць,
Каб ліхадзеяньне людское,
Багной балотнай утаймаваць.

Меў да людзей адну ён волю,
На ўскрайку поля ў чаратах:
Тым, хто крычаў ад жаху, болю –
Рот запінаць – каб не крычаў.

Калі ж замоўкла страляніна
І вецер крылы апрастаў,
Сьпіхнулі нежывых у яміну
І тых дабілі хто канаў.

А нехта, пры каўнеры белым,
На чорным, доўгім шынялі,
Па-гаспадарчы, сьсёк сякерай,
Дзьве, з тонкіх шыяў, галавы.

Адрэзаў з пальцамі пярсьцёнкі,
Трафеі ў мех крапівны склаў,
Пугай махнуў і конь зацёпкаў
Шляхам зімовым, да цяпла.

Шляхам патапаўскім, лясным,
Кружлівым, як само жыцьцё,
Якім лось, вепр, ці воўк бяжыць,
Ды чалавек – жахней усяго!

Пеў возьнік нешта з дурнап’яну,
Пад бокам мех крывёй руды,
Пеў возьнік аб жыдах паганых,
Аб іх зубах, пярсьцёнках залатых.

А дома, употай ад дзяцей,
Здабычу адагрэў у печы,
Гарэлку выпіў, штосьці з’еў
І адпачыў на золаце юдэйскім.

Нам маці гэта не казала,
Але я знаю – так было,
Быў час, застаўшыйся за намі,
Мехам, набрыняўшым крывёй.

Маці пра тое не казала,
Што чалавеку час нясе,
Дзіду вайны і меч крывавы,
Яшчэ вастрэй, яшчэ страшней.

Маці нам распавядала,
Як праз смаляных кос завіў,
Яе ў растрэльны гурт пагналі,
Ды дзед Біндас абараніў,

Як нехта грэў на вілках ў печы,
Тое, што ўдзень было жывым,
На шыі доўгай цёплых плечаў
І зубам зьзяла залатым…
-23-27.11.16.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Да 75-годзьдзя растрэлу юдэеў на Будакашалёўшчыне - Міхась Карцялёў