Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Сляза

Цячэ сляза. Яна – як люстра:
Я бачу ў ёй свае грахі.
А навакол – мае ўспаміны
Растуць, як вербы ля ракі.

Цячэ сляза. Глядзіце, людзі:
Я не святы, я – чалавек.
І сэрца разрывае грудзі,
Ў душы – любоў і горкі здзек.

Цячэ сляза. Я бачу, бачу
Свой дзіўны шлях праз шал гадоў.
Вунь сонейка праменнем плача,
Вунь усмехі маіх сяброў.

Цячэ сляза. Агнём жарстокім
Смяецца д’ябал на плячэ.
Надзея – анёл сінявокі.
Цячэ сляза – жыццё цячэ.


Верш Сляза - Максім Меркулаў