Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мінск едзе па грыбы

Бярыце, дзеці, кошыкі,
Паедзем мы на пошукі
Тугіх баравікоў.
А то яны застояцца,
Пад лісцямі затояцца
Ад лісаў і ваўкоў.

Вясёлая трывога
Прагнала моцны сон…
Блакітная дарога
З асенніх верасоў.

Народ ажно засопся:
Захопніцкі настрой.
Грузавікі, аўтобусы
I матацыклаў рой.

Нейлонавыя вёдры,
Рукзачныя гарбы.
Вей, вецер,
Хвойным водарам –
Мінск едзе па грыбы!

А восень у маністах –
Рабінавы рубін.
Аўтамабіль міністра
Нясмела затрубіў.

Пасады – у мурашнік!
А баравік – тут чын.
I рыжык – добры бражнік
Знаходка для мужчын.

Чаго ж, як тыя дурні,
Мы столькі летаў, зім,
Нібыта ў смалакурнях,
На зборышчах сядзім?

А сэрца цёпла ные
Пад ціхі звон асін,
Што людзі ўсе зямныя
Нядрэнныя зусім.

Зямля, нібы жывая, –
Варушыцца цянёк.
I кожны адчувае
Сябе, як дзіцянё:

Не важкім фактам веку
I не кіраўніком,
А проста чалавекам,
Заўзятым грыбніком.

А бор такі духмяны,
Загадкавы такі!
Крамяныя, румяныя
Стаяць баравікі.

А бабак, сыраежак
Не возьме і гультай.
Хадзі сабе з усмешкай,
Настой лясны глытай.

Блукаюць грыбазбіры,
Якоча рэхам лес.
А я сумую шчыра,
Што ў пекла спраў залез.

Мне паказала восень
Маленства след майго…
Стаіць адзін між сосен
Клён жоўты, як мангол.

Прыцеміўся гушчарнік.
Пара дадому. Час…
Піжонаў збіла чарка –
Згубілі “Масквіча”.

Аўто – як балаганы:
Сто радуг па бартах.
А вёдры – з берагамі,
Ну проста любата!

Выходзьце урачыста
Нас, цешчы, сустракаць.
Рыхтуйце пляшку чыстай
Ды ёмістую кадзь.

Зара на Мінск цярушыцца
Як жар, у печ грабі.
У кожным доме сушацца
I смажацца грыбы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Мінск едзе па грыбы - Пiмен Панчанка