Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Бусліха

Узняўшы неба сіні шал,
Хістаючы аблокаў крыгі,
Бусліхі белая душа
Трывожна развінае крылы.

Ад гнёздаў цёплых немаўлят,
Што ўпершыню вітаюць сонца,
Яна адводзіць золь і град, –
А як ад іх адвесці стронцый?

Дзе ёй набрацца столькі крыл
На ўсе калыскі і на гнёзды,
Каб цэлы свет сабой закрыць
Ад жахаў атамнай пагрозы?..

Яна, ахоўніца жыцця,
Цяпер да кожнага парога
Нясе, як некалі дзіця,
Сваё пяро перасцярогі.


Верш Бусліха - Люба Тарасюк