Верш Санэт. А хочаш – заставайся назаўсёды
А хочаш – заставайся назаўсёды!
Як цёплы пыл, як мягкі хлеб, як свет.
Так можа быць задумлена прыродай,
Як светлы незавершаны санэт.
Сыходзь у Рай – я не пускаю ў пекла.
Калі сыходзіш, то сыходзь у Рай.
Але прашу: пакуль душа аслепла,
Пакінь яе сярод птушыных зграй.
Я буду слухаць шоргат крыл і верыць,
Што побач ты, што ты анёлам стаў.
І буду цалаваць чужое пер’е,
Нібыта ты мяне не пакідаў.
О, дзякуй слепаце з такой нагоды!
А хочаш – заставайся назаўсёды.