Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ах, якая вясна! Ах, якая!!

Ах, якая вясна! Ах, якая!!
Несупынны экстаз!!!
Так прыгожа – аж думка лякае:
не ў апошні бы раз.

Не ў апошні бы раз любавацца,
спаталяць голад свой
не кахання, не славы эрзацам –
паднябеснай красой.

Паднябеснай красой, без каторай
наш акрэслены свет –
багна выпалзкаў скрыні Пандоры –
прыдарожны кювет.

Прыдарожны кювет? Але гляньце,
як чаромха цвіце!
Як танцуюць дажджы на асфальце
і ў чарнюткай градзе.

У чарнюткай градзе, дзе пасевам
самы час прарасці
і падставіць далонькі залевам
дзеля шчасця ў жыцці.

Дзеля шчасця ў жыцці заквітнелі
белапенню сады,
зазвінелі жаўронкаў свірэлі,
заспявалі дразды.

Заспявалі дразды, і салоўкі,
і абцасы кабет…
А паэты зайгралі са слоукам,
апяваючы свет.

Апяваючы свет, я блукаю
ад відна да відна
і, хмялеючы, сэрцайкам таю:
Ах, якая вясна!

12.05.2014

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (4 votes, average: 4,00 out of 5)

Верш Ах, якая вясна! Ах, якая!! - Lazzaro