Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Чацвёртая вясна

Вось і лес пачарнеў,
Набрынялі старыя таполі,
Да азёраў і рэк ручаі пацяклі –
За аселіцай рунню укрылася поле,
Гром ударыў, і лівень пабег па зямлі.

Пачынала хрысціцца старая бабуля;
“Загрыміць на аголены лес –
Будзе голад і будзе няўрод”,
Але дождж не змаўкаў,
У маланках, у громе і гуле
Пачынаўся чацвёрты калгасны год.

Дождж ішоў, і, здалося, зямля закінае,
Беглі весела дзеці па лужах уброд.
А ў хаціне шаптала бабуля старая:
“Будзе голад, пабачыце, будзе няўрод”.

Загулі ручаіны, вясёлка устала над светам,
I пад ёю дадому буслы паплылі.
“Будзе сонечны год, ураджайнае лета”, –
Гаварыў аграном, размінаючы жменю зямлі.

На світанні курыліся луг і папары,
Узнімалася рунь, наліваліся мёдам сады,
Адплывалі на захад барвовыя хмары,
Усміхалася сонца ў калюжынах цёплай вады.

Вось і ліпень настаў.
Залаціўся ячмень за ракою,
Хвалявалася жыта,
Шумелі аўсы.
Іх старэнькая гладзіла кволай рукою
I паціху шаптала: “Не тыя часы”.

1934

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Чацвёртая вясна - Сяргей Грахоўскі