Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Засмяглая рака

Засмяглая рака,
Змучоныя крыніцы…
У цераме шпака
Прапісаны сініцы.

Буслы, каб не сканаў
Магутны дар прыроды,
З парэпаных канаў
Ляцяць на агароды.

He высяцца стагі,
Даўно не звоняць косы…
Здзічэлі мурагі
Без ног касецкіх босых.

Бязбожніцтва ўва ўсіх,
Варожасць і спакуса…
Разбаўлена ў хлусні
Спагада беларусаў.

Трывожны лік святых
Даўно забыты намі…
Але прачнецца слых
З царкоўнымі званамі.

I завірыць рака,
Наклепле косы бусел…
He высахне ў вяках
Сумленне беларусаў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Засмяглая рака - Кастусь Цыбульскі