Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дзень засмажыўся на патэльні

Дзень засмажыўся на патэльні
тратуара і мітусні.
Мы згубіліся, бы ў пустэльні,
у сыпучых пясках хлусні.

Гэты горад не хоча бачыць
свой адбітак у люстры дзён:
ён даўно адышоў, няйначай,
у гарачкавы доўгі сон.

Рассыпаецца ўсіх адценняў
па паліцах пустых вітрын
нечых жорсткіх вачэй каменне –
светлафораў цьмяны бурштын.

І здаецца: яшчэ хвіліна –
і, паводле пэўных прыкмет,
сам рассыплецца на цагліны
гэты стомлены, пыльны свет.

Лопнуць вены ягоных вулак…
От, хутчэй бы ўжо. А хаця
ён зусім не благі прытулак.
У прыватнасці, ад жыцця.

19-21 лістапада 1993

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Дзень засмажыўся на патэльні - Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў