Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Пушчанскі спеў

Налібоцкая пушча, хваёвы лес,
Ты празрысты кляштар карабельных сосен.
Павучок на прадплечча бярозкі ўзлез,
Зачапіўшы за павуцінне восень.
Пералікам песень тваіх бароў
Нам лапоча струмень развітаннем познім.
І далёкі чуецца роў зуброў,
Які мы з сабою напэўна возьмем…

Ты штодня пісала наш дзіўны лёс:
І калісьці тут у тваім бярлогу
Нараджаўся ў люты зімы мароз
Сын мядзвежы, падобна да сына Бога.
А вясною ён да Смаргонскіх груд
Бег спаткаць жыцця маладога волю –
І трапляў у мядзеведніцкі свет пакут,
Каб пад нечы бубен танчыць – ад болю…

Так і кожны, каму Госпад волю даў
Не паспее з бярлога да неба выйсці,
Як патрапіць у яму, ды будзе там
На рашотцы распаленай абяз выйсця.
І як вогнішча стане чырвоніць прут,
Закіпіць яго кроў і журба ашчэрам –
Але што можа ён, нараджоны тут
Меншым, чым мядзведнік ягоны, зверам?..

Налібоцкая пушча! Сцяжына вось
Па якой і нам дападаць да пасткі.
Але ёсць справядлівасць і вера ёсць,
І яшчэ не чуваць апраметнай ляскат.
Ды і што бы там далей не было,
Мы паспелі зведаць дзень сонца летні,
Мы паспелі ўбачыць Хрыста святло –
І не выпаліць гэтага ў нас мядзведнік.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Пушчанскі спеў - Кацярына Глухоўская