Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Вячэрняя зара, прамень залёны мары!

Вячэрняя зара,
прамень залёны мары:
жыццё пройшло нядбайна,
а ўсёткі нездарма!
Пакінуты сляды
без усялякай крыўды,
што ў ліку пірамідаў
маёй чамусь няма;
і ранішні прамень
па даўжыні кладзецца
на цёмныя вачніцы
твае, мой светлы дзень!

Нябёсы зіхацяць
загадкава і квола:
наперад кроч, паломнік,
пакуль блішчыць раса;
пакуль паўднёвы жар
не апаліў дарогу
пад барабанны рогат
далёкіх зор Стажар.
Так выпадкова? – ой,
як полымя знішчае
спароджана ў адчаі,
клянуся, што не мной!

Вячэрняя зара,
прамень надзей нязыркі:
чытаць бы без памылкі
лісткі календара,
адмераныя нам
не лёсам, ані рокам,
не выпадковым крокам –
па горлачка, спаўна!
І святасць не губляць,
і не тварыць аблыжнасць,
пашкадаваць бліжэйшых
бязгрэшнаму пад стаць!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Вячэрняя зара, прамень залёны мары! - Ігар Белкін