Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Гамлет

Упаў на залу непраглядны змрок.
Так на планету падае зацьменне.
Авацыя, узняўшы слых і зрок,
Скацілася, што горнае каменне,
Ды сціхнула, нібы ўюрок у жмені.

Рассунуліся полагі заслон,
Як перад Маісеем хвалі мора
Чырвонага, і шлях цераз пілон
Вёў погляды да сціслага прастору
Ў парадныя пакоі Эльсінора.

На троне Клаўдзій дыхаў часнаком,
Хаваўшы печаю ў карункі фрэза,
Якая да гартані цішаком
Паўзла знутры са смакам маянэзу,
I стрымліваў прыпадак энурэза.

Гертруда за кулісамі ўдваіх
Са скнарным Прывідам дзятву дзяліла,
Маёмасць і кватэру. Сварка іх
Усіх рабочых сцэны весяліла,
Што піва распівалі проста з рыла.

Патоплая Афелія ў стаўку,
Пад покрывам гарлачыкаў і цвілі,
Званіла з тэлефона сябруку
Ды скардзілася, што яе схілілі
Iграць у гэтым пошлым вадэвілі.

Палоній і Лаэрт да хрыпаты
I лаянкі сусветнага масштабу
Адзін другому, роўна як каты,
Гразіліся звіхнуць мардасы набак
За тое, што не падзялілі “бабу”.

Са смехам Гільдэнстэрн і Разэнкранц
Злавілі на мізэры Фартынбраса,
Усунуўшы чатыры біткі ўраз,
Блазнуючы, што для яго – без шансу,
Таму што ён не майстра прэферанса.

Шыпеў на ўсіх галоўны рэжысёр,
Каб у спектаклі час не марнавалі:
I так даўжэйшы ён за “Трох сясцёр”,
А праз гадзіну на другім канале –
Фінляндыя з Канадай у фінале.

Маркотна пазяхалі гледачы
Да звіху натрэніраваных сківіц,
Сачыўшы, як магільшчык уначы
П’е спірт з чаропкі ды грымасы крывіць,
I ўсхвалявана думалі: “Шчаслівец!”

Марнелі ўсе, і праз такую сыць
Пакутаваў у смутнай кругаверці
Самотны хлопчык: “Быць або не быць”, –
I выў у прадчуванні хуткай смерці.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Гамлет - Глеб Ганчароў