Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вера

Спадзяюся на цуд. Пад квітнеючай слівай,
Дзе бялюткая квецень віруе, як снег,
Зноў хачу цябе ўбачыць прыгожай, шчаслівай.
Хай прыпыняць хвіліны няспынны свой бег.

Назаўжды мне запомніўся той надвячорак,
Як апошні прамень чырванеў з-за лясоў,
І пялёсткамі сліва, як кроплямі зорак,
Упрыгожыла хвалі тваіх валасоў.

Птушкі ладзілі гнёзды на дрэвах рупліва –
Забывала прырода зімовыя сны.
Мітуслівыя ластаўкі ў лёце, імкліва
Абмяркоўвалі чуткі і плёткі вясны.

Мы амаль не зважалі на гэтае дзіва…
Але зараз у памяці ўсё паўстае:
Прыгажуня мая – сарамлівая сліва…
І пяшчотныя словы, і рукі твае.

Нам бясконцасць кахання зязюля кувала,
Апантана салоўка спяваў уначы.
Шчасце побач было – я кахаў, ты кахала…
Але мы гэты дар не змаглі зберагчы.

Недарэчна, як нейкая злая навала,
Прагучалі няўдалыя словы мае.
Колькі часу прайшло, можа ты даравала?
Ды не нам сёння песні салоўка пяе.

Шчасце побач было, ды здалося – замала.
Я туляўся па свеце і нешта шукаў.
Паміж намі прадонне гадоў паўставала –
Можа Бог разлучыў, можа чорт ашукаў?..

Успамінам балючым, як прывід з нябыту,
Развітальны наш вечар ізноў паўстае,
І ў шчымліва-празрыстую бездань блакіту
Вольнай птушкай ляцяць летуценні мае.

У гэтым годзе, калі зноў вясна забуяла,
Сцежка з вёскі сама заманіла ў палі,
У куточак зямлі, дзе нас сліва люляла,
Дзе ў калысцы кахання мы разам плылі.

Ды няма за ваколіцай мілай прывабы,
І пялёсткі не лётаюць, як матылькі.
Ссохла сліва… І толькі счарнелыя драбы
Быццам крык развітальны знямелай рукі.

Але раптам пазбыўся жалобы маўклівай
І балючыя з сэрца сышлі мазалі.
Акрыяла душа – дзве маленькія слівы
Першы раз у жыцці на пагорку цвілі.

Зноў надзея на цуд. Веру парасткам-слівам.
Падрастуць, завіруе іх квецень, як снег.
Нехта будзе напэўна каханым, шчаслівым.
Хай жыццё не спыняе размераны бег!

1999

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Вера - Георгій Ліхтаровіч