Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Прыпеўкі

ПРЫПЕЎКІ

Я табой, мая гармонь,
Дужа ганаруся.
Калі кіне мяне жонка,
Дык з табой жанюся.

Гарманісцік, гарманіст,
Паглядзі навокал:
Я ж не горшая гармоні,
Мой ты ясны сокал.

Дзень пры дні лапоча ў полі,
Не сціхае трактар.
У жанкі маёй, прызнацца,
Гэтакі ж характар.

Не хадзіце, дзеўкі, замуж.
Там яно, канешне, мёд.
Ды ўсё-роўна цераз квартал
Пададзіце на развод.

Жонка, я табе не здрадзіў.
Не глядзі панура.
То ніякая не здрада,
Проста – авантура.

Да мяне ішоў каханак,
Ды расквасіў нос аб ганак.
Вой, бяда! Вой, мілы божа!
Хто ж мне сёння дапаможа?

Мы з суседкаю на пару
Паддавалі ў лазні пары.
Я ёй венічкам – туды,
Венічкам яна – сюды.

Ціт мяне дамоў праводзіў,
У дзве дзірачкі сапеў.
Мабыць, трошкі пераеў ён,
А быць можа, недаеў.

Мілыя мае суседзі –
Забіякі хвацкія:
Кожны дзень у іх грыміць
Бітва сталінградская.

Дзе ні стрэну Васілёчка,
У яго міргае вочка.
Не магу я здагадацца:
Адчаго ж яму міргацца?

Злева ад мяне ўзвывае,
Справа ад мяне раве.
Жонка голас прачышчае,
Цешча голас падае.

Жонка лае, цешча лае.
Дома я нібы чужы.
Выйду ў двор, паразмаўляю
З баранамі ад душы.

Прапісала мне дыету
Родная мая кабета:
Суп нішчымны, праснакі,
Качарга ды мацюкі.

Хто там распачаў ізноў
Балбатню пра “ізмы”?
Лепш ідзі сабе дамоў,
Палячыся клізмай.

Бульбашы, нясіце грошы!
Ёсць для вас тавар харошы.
Прадае ўсім фірма “Янка”
Танна дзіркі абаранкаў.

Замуж трэба. Ды на то
Хмурая спадзеўка:
Той – завала, той – п’янтос,
Ну а той – сам дзеўка.

Ззяе сонейка на небе,
Рассыпае іскры.
Дзякаваць за радасць гэту,
Родныя міністры.

То не скрыпачкі піляюць,
І не ветрыкі гудуць.
То маркотна ў валацугі
Кішкі арыю пяюць.

Памажыце дэпутату!
Ён, ратуючы народ,
Надарваўся, стаў гарбаты…
Праўда, знізу, на жывот.

Я магу любіцца так,
Сяк, растак і гэтак.
На прыдумкі я мастак,
Хоць і малалетак.

Праз сяло рака цячэ,
Плешчуць тама гускі.
Выпіць чарку – то не грэх,-
Грэх, што без закускі.

Я не вінавата, мама,
Не пры чым я, тата,
Што пад ночку мае ножкі
Уцякаюць з хаты.

Эх, раз, і не раз,
Цэны вырастуць у нас.
Скора мы ад гэтых “разаў”
Будзем дыхаць цераз раз.

Прыйдзе, дзеўка, прыйдзе, мілка,
Прыйдзе, белая кабылка,
Прыйдзе час – не правароню,
Я цябе ўжо рассупоню.

Урадзіла бульба-жыта.
Будзе ў міску ды ў карыта.
Хопіць быдлу, хопіць дзюдзям,
Хопіць злодзеям і людзям.

Я люблю пажыць дастойна,
Я хлапчына не ляны.
Гой ды жонка! Гой ды цешча!
Гой ды цешчыны бліны!

Зімняй ночкаю на печы
Крэхча бедненькі старэча.
А пад бедненькім старэчам
Хтосьці ногі разгірэчыў.

Двое абаранак скралі.
Іх знайшлі. Давай судзіць.
Аднаму свабоду далі.
Той, што дзірку з’еў,- сядзіць.

Ой, Цімох, ой, Цімох,
Не вадзі мяне на мох!
І нашто туды хадзіць?
Можна ў хаце то рабіць.

Дзве русалкі кверху пузам
Раз па Свіслачы плылі.
Хімікаты памаленьку
Іх да згубы давялі.

Быў бы я і першы бабнік,
Першы й сімпацяка,
Ды мяшае нос калёру
Варанага рака.

Гэй, аграрый! Глянь, як спорна
Дзеўкі круцяцца ў танку.
Засыпай ім зерне ў жорны –
Перамелюць на муку.

Твой паехаў у лячэбку,
А мая ў радзільны дом.
Дык прыходзь ка мне, суседка,
Сексуальна адпачнём.

На закуску агурочка
Захацеў адзін п’янтос.
І адгрыз у сябручочка
Зеляненькі яго нос.

Ох жа, гэтыя залёты!
Мне ад іх адны турботы.
Сёння маеш – недалёты,
Заўтра – пералёты.

Свінні цешацца да ўпаду
Песнямі і танцамі:
Людзі сталі – слава ўраду! –
Вегетарыянцамі.

Закарцела маёй мілай
Раз у хованкі гуляць.
Запаўзла яна пад коўдру
Ды крычыць: ідзі шукаць!

Мне чужога ані трэба.
Мне дзяржаўнага стае.
Я не злодзей,- я ратую
Што згарыць або згніе.

Безграшоўе даканала.
Абарваўся ў пух і прах.
Стану часам між гарода –
Навяду на птушак страх.

Не заві мяне “таўстухай”,
А паслухай лепш сюды:
Я – прыемная дзяўчына,
Гэта ты як змей худы.

Зняў бядняк адно пытанне:
Есць, чаго ахвочы.
Дулю з фігаю – уранні,
Фігу з дуляй – к ночы.

Брыў да кумкі Ясь п’яны,
Дый упаў у гразь к свінні.
Кажа ён : “Ох ты, кума!
Пацалуй мяне сама”.

У мурашнік мурашок
Пёр са жніва каласок.
Участковы тут як тут…
Будзе над зладзюгам суд!

Зноў прырода ажывае,
Надыходзіць месяц май.
Весялей жа, дарагая,
Амуніцыю здымай.

Выйшаў дзядзя з рэстарана,
Пахіснуўся дый упаў.
Знаць, планетнае вярчэнне
У аснове гэткіх з’яў.

У хаціне – вечарына,
Скокі, песні, тарарам.
Задаюць настрой сябрыне
Муха, тля і таракан.

Што ты, дзеўка, не сядзіш,
А ўсё ходзіш ды пыхціш?
Цябе трэба, як відаць,
Трошачкі паказытаць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Прыпеўкі - Фёдар Лашкевіч