Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Па шчупаковаму загаду

А значыць трэба: мой
Герой
Напнуцца не любіў ніколі.
Заўсёды працаваў адсюль – дасюль:
Ад дзевяці нуль-нуль да чатырох нуль-нуль
I ні хвіліны болей.
Гадзіннік на сцяне ледзь бумкне першы раз, –
Ён з працы мчыцца так, бы з ланцуга сарваўся,
Па “буму” трэцяму дадому дабіраўся
I за абед сядаў у той жа час,
Прытым яшчэ сіпеў, што дужа затрымаўся.
Нічога для другіх ён не хацеў зрабіць.
У парку дрэўца пасадзіць?
Ну што вы, дзе там!
Але паразважаць любіў пры гэтым
Як мае быць.
Ды што ні закране – усё не так.
I гэта – дрэнь, і тое – брак,
Скрозь недахопы, недагляды…
I змен да лепшага чамусьці не відно…
Аднойчы ён убачыў у кіно,
Як печ па шчупаковаму загаду
Імчала праз палі якогась дзецюка
Спрытней, чым “Волга” альбо “Татра”.
Герой мой уздыхнуў, выходзячы з тэатра:
“Вось мне б такога шчупака!”
“Навошта ён табе? – спытала жонка гнеўна.-
Завезці ў сваты да царэўны?
Глядзі ты! У мяне нялёгкая рука…”
“Дурніца! – дам адказ табе кароткі.
У сваты!.. Шчупаку я б мог заданне даць
Для нас усё на свеце збудаваць,
Было б не трэба марнаваць
I час, і сродкі.
А то ж патрэбна колькі год чакаць!..”

Суседа меў я гэтакага складу.
Ён быў упэўнены ўвесь час,
Што прыйдзе камунізм да нас
Па шчупаковаму загаду.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Па шчупаковаму загаду - Уладзімір Корбан