Верш Супраць самае ночы, перад цёмнаю ночай
Супраць самае ночы, перад цёмнаю ночай
паглядзі ў мае вочы, расчытай мае вочы.
Дзень у цемрава збочыў, дзень у раніцу крочыць.
Зоркі з вечнасці сочаць, долю нашую сочаць –
паглядзі ў мае вочы, заплыві ў мае вочы.
У дрымотнае скрусе, у вярэдлівай скрусе
запалі мае вусны, разбудзі мае вусны. –
я струной страпянуся, я струной скалыхнуся
на раскаленых гуслях – на рукох Беларусі.
Зацалуй мае вусны, развіні мае вусны.
Супраць золкай цямрэчы, перад соннай цямрэчай
расхіні мае плечы, узлюляй мае плечы.
Мы жывем недарэчна, мы гарым недарэчна.
гасне ў словах сустрэча, нашых сэрцаў сустрэча.
Узлюляй мае плечы, залюляй мае плечы.
У атульным палоне, у сутонным палоне
зашапчы мне далоні, зваражы мне далоні.
За начною заслонай, за нямою заслонай
новы дзень не знямее, новы дзень не патоне.
Зваражы мне далоні, памаліся ў далоні.
Паглядзі ў мае вочы на дзённым краёчку.
Разбудзі мае вусны – я ў золак вярнуся.
Разлюляй мае плечы ў заўтрашні вечар.
I насуперак скону маліся ў далоні.