Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Экскурсія

Перад вамі – зямля продкаў маіх і дзяцей.
He любіць яна чужынцаў,
любіць яна гасцей.
Тут вас накормяць, і спаць пакладуць,
і на дарогу дарунак дадуць.
Такі ўжо звычай на нашай вольнай зямлі.

Шмат якія цары, імператары і каралі
хацелі ўправіць яе
ў пярсцёнак славы сваёй,
як дзівосны бурштын.
I ўсе як адзін
на шаткоўнях войнаў
падданых сваіх шаткавалі,
ды нават тое, што мелі, – гублялі.

Звярніце ўвагу:
ніколі народ мой
нікога не прыгнечваў.
У цемры невуцтва – словам Скарыны
просты люд ачалавечваў.
Насельнік дрымотных пушчаў, выспаў, балот
дзяліў з Каліноўскім
думак бунтоўных узлёт.
Той, хто аднойчы
зведаў гаючую прагу волі, –
рабом не будзе ніколі.
I, як сімвал сусветнай еднасці змагароў,
дагэтуль гарыць на парыжскіх вуліцах
Урублеўскага кроў.

Зірніце направа:
тут палацы і храмы стаялі,
званы звінелі,
на веча народы склікалі.
Калі ж нахрапам
лезла ў край наш
гайня атлумленых ворагаў –
ірваліся яны бочкамі пораху.
Старажытнага дойлідства творы
лёс адзіны з народам мелі
у шчасці і ў горы.

Зірніце налева:
гэта помнікі XX стагоддзя – мемарыялы,
ўзніклі яны пасля фашысцкай навалы.
Чытайце надпісы на магільных грудках,
можа, стрэнеце прозвішча брата ці земляка.

А цяпер раім усім
адгарнуць старонку першага тома
Беларускай Савецкай Энцыклапедыі
і прачытаць – “Акупацыйны рэжым”.
Страціла Радзіма мая
столькі сыноў,
колькі ў лесе дубкоў,
столькі дачок,
колькі ў небе аблок,
столькі дзетак,
колькі ў лузе кветак.
Праліла столькі слёз,
колькі ў полі рос…
Пакланіцеся гэтай зямлі на развітанне.
…Шчаслівай дарогі!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Экскурсія - Анатоль Грачанікаў