Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Спроба экзыстэнцыялізму

Надакучыла жыць, па шчырасці,
Прадчуваннем будучых святаў,
Спадзяваннем лепшае долі
І чаканнем сонца ў ваконцы.
Можа, нам не дадзена вылезці
З-пад асфальту, з-за мура, з-за кратаў?
Мо й няма аніякай волі,
І крыжовы шлях наш – бясконцы?

Мы ратуемся ад адчаю
Цяжкай працай, мроямі, вераю.
Мы сябе акружыць стараемся,
Нібы валам, сяброўскім колам.
Адчуваць даўно прызвычаеныя
Ледзяное дыханне імперыі,
Абураючыся, скараемся
Непрыдуманым намі законам.

Прагуляўшы ўрокі гісторыі,
У краіне кожнай – чужынцы,
Не на тыя глядзім гадзіннікі,
Ходзім вуліцамі не тымі:
Не Сапегі, і не Баторыя,
А Суворава і Дзяржынскага.
З летуценнікаў выйшлі цынікі,
Патрыётаў сляды прастылі…

У эпоху постмадэрнізму
Сумна ад палымяных заклікаў,
Ад двудушнасці і бяздушнасці,
Ад наіўнасці бесклапотнай,
Ад паганства і атэізму,
Ад паэтаў і ад празаікаў…
Божа, дай мне хоць кроплю мужнасці,
Каб сустрэць, што надыдзе потым.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Спроба экзыстэнцыялізму - Аляксей Жбанаў