Верш СПАДАРЫНЯ ПЛЯТКАРКА
1.Як не пашле здабытку Божа
І пахудзее скварка,
Тады суцешыць і паможа
Спадарыня пляткарка.
2.Каб людзям запраменіць сонцам –
Як існая ахвярка
Марнее пад чужым аконцам
Спадарыня пляткарка.
3.Дасць сіл любой асобе хворай
Дасціпней, чым знахарка –
Шапне, каму цяжэй, дзе горай
Спадарыня пляткарка.
4.Ад празаічнасці ўратуе,
Падыме тонус шпарка, –
Бо спрытна язычком працуе
Спадарыня пляткарка.
5.Хто пераступіць праз парожак
Тутэйшай гаспадаркі –
Прымерае пракрустаў ложак
Спадарыні пляткаркі.
6.Лягае кожны госць гламурны
На ноты да дударкі.
Смяюцца ўсе, a ён – дзяжурны
Ў спадарыні пляткаркі.
7.Яна – люстэрка дум, настрояў,
Народная пяснярка.
Стваральніца легенд, герояў
Спадарыня пляткарка.
8.Ратуй вас Бог ад жарсцяў, глупства,
Бo – зa мaрaль змагаркa –
Вас давядзе да самагубства
Спадарыня пляткарка.
9.Як воўк самотны ў цёмных глушах –
Taкая ж санітарка
Ў людскіх замаргінелых душах
Спадарыня пляткарка.
10.Нe спіць, з “рыдлёўкай” безупынна,
Змакрэлая, як хмаркa,
Для нас працуе дабрачынна
Спадарыня пляткарка.
11.Нa “светлячкa” яе мярэжa,
Kaб нe свяціўся ярка.
На вушка стрэчным праўду рэжа
Спадарыня пляткарка.
12.Хай “светлячкa” глынае морак…
Tут праўда з той рэмаркай,
Што згас адзін, заззяла сорак
З спадарыняй пляткаркай.
13.Яна – прадукт грамадства, знайцe,
Сваю трымае марку.
Няправільныя, паважайцe
Спадарыню пляткарку!
05.07.08