Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш А чым яшчэ заняцца ўвосень

А чым яшчэ заняцца ўвосень,
Калі жыцьцё – ў напрамку дна,
Калі зьядае шэрань росы
Ды так няўтульна безь віна?..

А чым яшчэ заняцца ўвосень,
Калі дажджы празь небакрай?..
Дажынак сьвята адбылося…
І – дзе ЯНО!?! – шукай-гукай!..

А чым яшчэ заняцца ўвосень,
Калі любая навіна –
Не угаворвае, ня просе –
А патрабуе ўзяць віна?..

…І далягляд чырвона-жоўты,
І шыза-сіні сябра твар,
(Ледзь здольны вымавіць: “пайшоў ты…”)
І стойка бара, як алтар…

А чым яшчэ заняцца ўвосень –
Блукаць ў тумане летніх сноў…
Калі ўжо старасьць на парозе,
І кліча сьмерць: “Let’s go! Let’s go!..”


Верш А чым яшчэ заняцца ўвосень - Алесь Наркевіч