Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Хоць маё вершаванне – яшчэ не паэзія

Хоць маё вершаванне – яшчэ не паэзія,
А ўсяго толькі спроба радкі рыфмаваць,
Але ўпэўнена: дух, абудзіўшыся гейзерам,
І шэдэўрамі здолее фантанаваць.

Спадзяюся… Чакаю… Аднак жа не літасці,
Не прызнання, не славы, не гучных пахвал,
А натхнення, і чулага сэрца адкрытасці,
І жыцця – каб на верш хоць яшчэ Бог дадаў.

Бо калі й адчуваю сябе недарэкаю,
Неспатольная прага падштурхвае зноў
Каламуціць душу і з няўхільнасцю нейкаю
Праліваць свае сэрца струменямі слоў.

Гучнай рыфмай гуляць, адбіваць рытмы мячыкам,
Нібы з гліны пластычнай сюжэты ляпіць.
Дый услед аграняць – дзе разцом, а дзе пальчыкам
Каб тварэнне брыльянтам магло зіхаціць.

Хай парой адчуванні мае невымоўныя
І не надта выразныя думкі і сны,
Але ў вершах жывуць і пакуты любоўныя,
І цяжар адзіноты, і подых вясны,

І бяссілле знямогі, і ўздымы магутнасці,
І няўтрыманасць шчасця і гора выццё…
Ды над гэтым усім – мітусня жыццякрутнасці,
У якой без паэзіі – мне не жыццё!

Я ратуюся ў ёй, нібы страус збянтэжаны,
Што заўсёды хавае ў пясок галаву –
Бо паэзія стала пітвом мне, і ежаю,
І надзённай патрэбай, якой і жыву…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Хоць маё вершаванне – яшчэ не паэзія - Таццяна Дзям'янава