Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дзяўчына

Твой пакойчык, прытульны, спакойны і белы,
пахне цёплай пяшчотай нетрывожаных дзён.
Нібы жнівеньскі сад, духам яблыкаў спелых,
пахам моцных антонавак радуе ён.

Каля люстра – падручнік англійскае мовы,
пара сшыткаў і некалькі строгіх тамоў:
гэта ўсё так прывычна і кожны раз нова,
як чарнявая шапка тваіх валасоў.

У цябе светлы розум і моцнае сэрца.
Што ў табе ад былых, ад забытых часоў?
Як цябе уявіць без партрэтаў на сценцы?
Як цябе уявіць без разважлівых слоў?

Маладая, як майскае сонца, дзяўчына,
нібы сонечны зайчык ў блакітных лугах –
ты размову вядзеш самавіта і чынна,
а вясёлыя знічкі гараць у вачах.

Ўся гарыш ты святлом агнявой нашай эры,
калі горы грымяць, калі зоры пяюць,
калі радасць высокую поўнаю мерай
людзі новыя з новай крыніцы бяруць,

Калі шчасце – не грэх, прыгажосць – не загана,
калі праца, як песня, ўстае над зямлёй,
ты умееш злучыць агнявое каханне
з незвычайнаю мудрасцю справы сваёй.

Ўсюды ты – на заводзе, на пожні і ў клубе.
На вучоным дакладзе і ў майскіх садах
я адразу пазнаю пунсовыя губы
і чырвоны значок на высокіх грудзях.

Калі ж ты свае вочы, як зоры, запаліш,
бляск у сэрца сыходзіць да самага дна,
пачуццё залівае шырокаю хваляй
бераг дружбы і шчырасці светлага дня.

I жыццё, і вясна, і маё захапленне –
гэта ўсё для цябе, гэта ўсё прад табой,
мой таварыш, дзяўчына майго пакалення,
мой таварыш, дзяўчына краіны маёй.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Дзяўчына - Алесь Дудар