Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Трагедыя ў стыле gothіc. Track 8 – “Манумент ваяра”

Дождж лье, нібы з луба. Жалезнымі струмянямі выбівае шчарбінкі ў скалах.
Рэкі, акіяны дажджу шматтоннымі сценамі ўзбіваюць глебу. Шэрасць…
Ногі топяцца ў брудзе. Прастора скаланаецца ад стогну камянёў.

І засцілаюцца вочы дымам.
і прагнуць мары бясконцасці.
і вечнасць нашэптвае словы пазабаковага жалю і смутку ў чаканні,
пакуль акіян часу не паглыне апошні край
незразумелага чалавечага існавання.

Гранітны манумент адзінока ўзвышаецца сярод велічных горных вяршынь.
Цяжкія кроплі-плюхі з уздыхам чмякаюцца на задубелы твар,
правальваюцца за каўнер…
Вецер студзіць спіну і крыж на грудзях.

І пальцы прагнуць сціснуць меч.
і сэрца б’ецца крывавым агнём.
іржанне каня рэхам чутна ўвушшу.

Мінаюць эпохі…
…лубяны лівень не скончыцца.
Згараюць пачуцці…
…камень не зварухнецца.
Знікаюць героі…
…застанецца вечнае полымя.

Дождж лье, струмні з нябёсаў нібы жалезныя струны.
Ніхто не вяртаўся з абдымкаў дажджу.

2004/2002

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Трагедыя ў стыле gothіc. Track 8 – “Манумент ваяра” - Алесь Бычкоўскі