Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ты скажы мне, зязюля

Напілася зязюля сцюдзёнай расы
I хацела ляцець да сябе у лясы,
Толькі я папрасіў: “Не ляці, пачакай,
Сумна мне, закувай”.
“Што ж, не цяжка мне, хлопча, табе зваражыць,
Хочаш – праўду скажу, колькі будзеш ты жыць.
Загадай”.
“Ну, пра гэта я ведаю сам:
Пакуль сэрца ад гневу святога гарыць,
Пакуль куля у дуле нагана ляжыць –
Буду жыць”.
“Запытайся тады пра нявесту сваю –
Цераз колькі гадоў ты сустрэнешся з ёй,
А ці хутка вясельную песню спяюць
Для тваёй маладой”.
“I пра гэта не варта мне думаць-гадаць:
Да нявесты каханай рукою падаць.
Дай вось толькі прагнаць чужаніц
Ад шырокіх дарог, ад блакітных крыніц,
Каб пазваць на вяселле я мог землякоў,
Каб мы жыць распачалі ля родных дуброў…
Ты, зязюля, мне лепш сягоння скажы,
Колькі нашых сяброў у магілах ляжыць,
Колькі выбіта ніў, колькі спалена хат,
Колькі вытаптаў кветак раз’юшаны кат?”
“Многа прыйдзецца, хлопча, табе сумаваць,
Цяжка раны радзімай зямлі залячыць.
Ад зары да зары
Цэлы месяц куваць
І ўсяго не злічыць, не злічыць”.
“Што ж, я сам падлічу
I за ўсё адплачу!”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Ты скажы мне, зязюля - Пiмен Панчанка