Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Жонкам пажарнікаў, загінуўшых на Чарнобыльскай АЭС

Быў Чарнобыль. Было балюча.
Мора смерці было, агню…
Ты праз атам смяротна калючы
Не вярнуўся ка мне ўпершыню.

Я чакала цябе на світанні
І чакаю. Не год і не два.
Мне рамонкі варожаць спатканне,
А цябе ўсё няма і няма.

Я шукаю твае сцяжынкі,
Я шукаю твае сляды.
У далоні лаўлю дажджынкі,
Нібы лекі ад чорнай бяды.

Як агонь легендарнага Данка,
Тваё сэрца накрыла бяду.
Да цябе, на апошні паўстанак,
Сваю боль у рамонках кладу.

Быў Чарнобыль. Было балюча.
Мора смерці было, агню…
Ты праз атам смяротна калючы
Толькі ў памяць прыходзіш маю.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Жонкам пажарнікаў, загінуўшых на Чарнобыльскай АЭС - Зінаіда Гасціловіч