Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Горад асенні, горад настылы

Горад асенні, горад настылы,
Льдзіна пасцелі выстудзіць жылы,
Нібы ў магіле на самым дне,
Холадна мне.

Ці засынаю, ці паміраю?
Снам ратавальным сябе давяраю.
Хворае сонца ў акно зазірне.
Холадна мне.

Доўжыцца час без патолі і веры,
Выстудзіў холад людзей недаверам.
Даўняя згадка святло адамкне.
Холадна мне.

Дзе яна, тая пара залатая?
Час анічога назад не вяртае.
Дзякуй, хоць некага восень міне.
Холадна мне.


Верш Горад асенні, горад настылы - Зінаіда Дудзюк