Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Асенні сум

Асенні сум. Дажджынак плач.
У одуме заціхлі дрэвы…
А я прашу цябе: “Прабач –
Трывожу часам без патрэбы”.

Прабач, што я ў тваё акно
Гляджу перадсвітальнай зоркай.
За тое, што тваёй даўно
я стала праміж будняў золкіх.
У думках, мроях, нібы здань,
тваёй хаджу я ўслед дарогай,
з мальбою к табе: “Дазволь мне, дай
у нягодах быць перасцярогай!”
Дазволь пярсцёнкам на руцэ
мне быць, каб чуць твае далоні,
дажджом на валасах, шчацэ –
употай лашчыць зноўку скроні.

…Ну вось! Апраўдваюся ў чым?
За што ж прашу я прабачэння?
За тое, што імя ўначы
тваё шапчу, хаця сумленне
прасуе, мучыць, брыдкі тлум
спакусіць нават адрачыся.
…Але ж трывожыць звыклы сум:
Апраўдвацца – не развучыцца.

Даволі! Хопіць. І прабач,
Калі твой свет я зноў трывожу.
Мой лёс – спектакль, а я – глядач,
Змяніць нішто яго не зможа.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Асенні сум - Марыя Кобец