Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дзень асенні змаўляецца з бабіным летам

Дзень асенні змаўляецца з бабіным летам:
Пералічвае золата ў шатах бяроз
І страсае падатак – жывыя манеты –
За гадзіны арэнды зямлі і нябёс.

А пасля назірае за госцейкай пільна,
Як руплівы панок ці хітрун-гаспадар:
Ці ўздымае ў паветра шматкі павуціння,
Ці старанна іх лепіць прахожым на твар,

Ці ласкава кранае апошняй пяшчотай
Зіхатлівую чырвань, сцямнелую медзь,
Ці настройвае птушак на тэму адлёту,
Ці імкнецца паўсюль ды адразу паспець,

Ці прыгожа фарбуе зямлі далягляды,
Ці празрыстым трымае нябёсаў крышталь…

Колькі ў бабіным леце святла і спагады!
Але й гэтае свята часова, на жаль…

26.09.2011

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Дзень асенні змаўляецца з бабіным летам - Таццяна Дзям'янава