Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Як стаў заяц даўгавухі

Абганяе ўласны цень,
Скача зайчык праз асіннік.
Сёння ж незвычайны дзень,
Сёння зайка –
Імяніннік!

На стале ўсялякіх страў,
Густа,
Кожнаму па густу,
Піражкі з грыбоў
Ды з траў.
І вядома, што –
Капуста!

Госці ў зборы ўсе даўно.
Тут сябры,
Радня,
Суседзі.
Ды мядзведзя
Не відно.
Госць галодны, ўрэшце, едзе!
Ледзь аддыхаўся мядзведзь:
– Цяжка мне
Паўсюль паспець…
Першы
Пацягнуць я мушу
Імянінніка за вушы!
Лапаю ўхапіў як след –
Зайку стаў
Нямілы свет.
Жартаваць мядзведзь ахвочы,
Зычыць,
Каб вялікі рос.
На ілбе
У зайкі вочы.
Ні да смеху,
Ні да слёз…

Заяц,
Знаеце вы самі,
Зараз з доўгімі вушамі.
З той пары
Ўвесь род зайчыны
Не святкуе імяніны.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Як стаў заяц даўгавухі - Рыгор Барадулін