Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Лета на сене

… Ці спалі вы хоць кольвечы на сене? Калі не, то шмат чаго згубілі… Яно-та, канечне, ня белая пуховая пасьцель. Тут зусім іншае… Хіба можна з чымсьці параўнаць водар-пах усяго суквецьця лугавых красак, што ўвабраны ў невялічкай копначцы сухое травы на гарышчы!..

Сена патыхае цеплынёй-гарачынёю, назапашанай травою пяшчотай-ласкаю летняга сонейка. Пад раньне, калі яно выбіраецца з-за далёкіх лясоў, заліваючы навакольле дзівосным ружаватым сьвятлом, пачынаюць весьці свой штодзённы сьпеўны рэй пеўні, спаборнічаючы хто больш гарласты.

З прырэчных лугавінаў-нізінаў падымаюцца пасмы сівога малочнага туману. Лёгкі вятрыска даносіць на гарышча над сенцамі сьвежы водар ўрасянае, памаладзелае занач зямлі.

Чутно як за хатаю (рып-рып-рып) скубе сакавітую зялёную травіцу конь… Вёска паволі абуджаецца да новага дня…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Лета на сене - Юрась Півуноў