Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Людка

Як Людкі не бачу, –
Не міла мне жыць:
I сохну, і плачу,
I сон не бяжыць!

I хатка – не міла,
Ўрагамі – дружкі,
I сьвет – як магіла,
I ночкай – дзянькі!

Як Людку угледзеў,
Забыўся на ўсё! –
I плач уцёк недзе,
I раем – жыццё!

Хоць поўна хмар неба, –
Свет-яснасць адна!
Сам сыты без хлеба,
Вясёлай душа!

Забыты ўсе болькі,
Што ходзяць са мной, –
Усё хочацца толькі
Быць з Людкай-красой…

К ружовенькім шчочкам
Губамі прыльнуць
I песню аб Людцы
На ўвесь свет грымнуць!

Грымнуць – прытуліцца
Да белых грудзей,
Упіцца-забыцца
На свет, на людзей!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Людка - Янка Купала