Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Беразвечча

Бяроз вечалле. Беразвечча,
Нібыта ўзведзены курок…
Тут лёсу горкага сустрэча,
Магілы, горасны Барок.

Ахвяр самотная паляна,
Гадамі сцёртыя груды.
Тут беларусам і рымлянам
Стаў бор як чорны знак бяды.

На гэтым месцы ўсім балюча,
Будзь літасцівым, час, прашу.
Тут памяць, быццам дрот калючы,
Сціскае сэрца і душу.

Слязой сплыве агарак свечкі
Ў далонях стомленых людзей.
Худзенькія уздрыгнуць плечкі,
І хтосьці кветкі пакладзе.


Верш Беразвечча - Віталь Гарановіч